ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,

сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.Дунс Скот, У.Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.Кампанела, Г.Галілей).

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)